«ІВАН ЗАМОЦІН. АДЗІН З ПЕРШЫХ»


Дакументальная выстава
“ІВАН ЗАМОЦІН.

АДЗІН З ПЕРШЫХ”
10 кастрычніка – 1 лістапада 2023 года

1 лістапада 2023 года спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Івана Замоціна (1873 – 1942), беларускага і рускага літаратуразнаўцы, акадэміка Акадэміі навук БССР (1928), члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР (1929), доктара філалагічных навук (1934).

Іван Замоцін даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, займаўся вывучэннем творчасці беларускіх класікаў. Немагчыма пераацаніць яго ролю ў багдановічазнаўстве. У 1925 годзе І.Замоцін узначаліў Літаратурную камісію Інстытута беларускай культуры па падрыхтоўцы і выданні першага збору твораў Максіма Багдановіча. Наладзіў стасункі з бацькам паэта Адамам Багдановічам, удакладніў шмат пытанняў па датах і асобах. Іван Іванавіч падрыхтаваў шэраг грунтоўных даследаванняў, прысвечаных жыцці і творчасці знакамітага паэта.

У экспазіцыі дакументальнай выставы “Іван Замоцін. Адзін з першых” прэзентуюцца матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Яны адлюстроўваюць дзейнасць Івана Іванавіча як даследчыка творчасці, аўтара артыкулаў і ўкладальніка збору твораў М.Багдановіча (1927-1928 гг.). Сярод унікальных экспанатаў – “Творы” М.Багдановіча з дароўным надпісам І.Замоціна, рукапіс артыкула “Литературное наследство М.Богдановича”, даклад “Літаратурная камісія Інбелкульту ў працэсе працы над зборам твораў М.Багдановіча”.

Каштоўныя матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і прыватнага архіва кандыдата філалагічных навук, дацэнта, вядомага багдановічазнаўцы Міколы Труса раскрываюць дзейнасць Івана Замоціна як даследчыка беларускай і рускай літаратур, выкладчыка, папулярызатара літаратуры. За кожным, нават самым маленькім экспанатам хаваецца вялікая гісторыя…

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
тэл.: (017) 363 07 61, (017) 355 22 95
maksimbagdanovich@gmail.com

901